Да 80-годдзя вызвалення Беларусі
Вялікая Айчынная вайна з'яўляецца адной з ключавых падзей сучаснай айчыннай гісторыі. Памяць аб яе падзеях, выдатных удзельніках, гераічных подзвігах нашых суайчыннікаў на франтах і самаадданай працы ў тыле, смутак аб велізарных стратах, якія Беларусь панесла ў гады вайны, духоўна аб'ядноўвае наша сучаснае грамадства і з'яўляецца адным з галоўных складнікаў гістарычнай свядомасці беларускага народа. Наша зямля першай прыняла на сябе ўдар гітлераўскай Германіі і здолела даць годны адпор захопнікам, тым самым паказала ўсяму свету прыклад мужнасці, бясстрашнасці і гераізму. Жыхары Беларусі разам з усімі народамі Савецкага Саюза ўнеслі свой уклад у агульную справу перамогі над фашызмам. У 2024 годзе споўніцца 80 гадоў з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Шлях да вызвалення пачаўся ў 1943-м, калі ў выніку правядзення Смаленскай, Бранскай, Чарнігаўска-Прыпяцкай, Лепельскай, Гомельска-Рэчыцкай аперацый былі вызваленыя першыя гарады Беларусі.